САСЛО́ЎНАЯ МАНА́РХІЯ, саслоўна-прадстаўнічая манархія,

форма дзяржавы, пры якой улада манарха спалучалася з органамі саслоўнага прадстаўніцтва дваранства, духавенства і гараджан. Склалася ў большасці краін Еўропы ў 13—14 ст. у працэсе фарміравання агульнадзярж. саслоўяў і органаў саслоўнага прадстаўніцтва (парламент у Англіі, Ген. штаты ў Францыі, картэсы ў Іспаніі, Сейм у ВКЛ, Польшчы, Чэхіі і інш.). Саслоўнае прадстаўніцтва ў выглядзе Земскіх сабораў у 16—17 ст. існавала і ў Расіі. Звычайна С.м. гістарычна папярэднічала абсалютызму. У Рэчы Паспалітай (у складзе ВКЛ і Польшчы) абсалютызм не склаўся да канца яе існавання.

т. 14, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)